ПАЖЫЦЦЁВАЕ ЎТРЫМА́ННЕ,

у цывільным праве дагавор адчужэння жылога дома (кватэры) з умовай пажыццёвага ўтрымання яго ўладальніка. Паводле гэтага дагавора адзін бок (набытчык) абавязваецца прадаставіць другому боку, які з’яўляецца непрацаздольным па ўзросце або па стане здароўя (адчужальнік), пажыццёвае матэрыяльнае забеспячэнне ў натуры (у выглядзе жылля, харчавання, догляду і неабходнай дапамогі), а адчужальнік — перадаць ва ўласнасць набытчыка жылы дом (кватэру). Дагавор складаецца ў адпаведнасці з правіламі, выкладзенымі ў Цывільным кодэксе Рэспублікі Беларусь. Дагавор можа быць скасаваны па патрабаванні адчужальніка ў выпадку невыканання набытчыкам прынятых на сябе абавязацельстваў ці па патрабаванні набытчыка, калі яго матэрыяльнае становішча пагоршылася па незалежных ад яго абставінах і ён не можа прадаставіць адчужальніку абумоўленае ўтрыманне.

Э.І.Кузьмянкова.

т. 11, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)